Жыватворныя крыніцы Беларусі
06.06.2024Жыватворныя крыніцы Беларусі” Менавіта так назвалі сваю вандроўку вучні ДУА “Крэўская сярэдняя школа”,якую здзейснілі 6 чэрвеня падчас рэспубліканскай акцыі Вандруй! Адчуй! Натхняйся!
Сярод усіх скарбаў зямлі беларускай асобнае месца займае вада. Нашы чыстыя рэкі і азёры, крыніцы і калодзежы заўжды вабілі да сябе людзей,
Нездарма ж блакітным “вачам” Радзімы прысвечана столькі песен, казак, паданняў. Жыватворныя крыніцы адна з багацейшых старонак ў духоўнай культуры нашага народа. Асобныя крыніцы былі і застаюцца месцамі ўшанавання. Са многімі крыніцамі звязаны шэраг паданняў, павер'яў і традыцый. Крыніцы заўсёды карысталіся людской павагай і любоўю іх даглядалі, чысцілі. Прадугладжаны нават асаблівыя правілы этыкету: трэба павітацца і развітацца з крынічкай, аддзячыць за ваду вусна або падарункам (пакінуць кветкі, грошы, ручнік). Нярэдка крынічная вада лічылася лекавай - нібыта дапамагала ад розных хваробаў (слепаты, галаўнога ці страўнікавага болю і г.д), а то і ад усяго адразу. Асобным крыніцам нават нададзены статус помнікаў прыроды мясцовага, рэспубліканскага і міжнароднага значэння.
Наша сённяшняе падарожжа пралягала па мясцінах размешчаных непадалёк ад Крэва. У асноўным па тэрыторыі Валожынскага і Ашмянскага раёнаў.
Ёсць у Валожынскім раёне Беларусі вёска Лоск. Невялікая вёсачка, на першы погляд - самая звычайная. Яе, праўда, ўключаюць часцяком у турыстычныя маршруты - тут працавала адна з першых беларускіх друкарняў, а таксама жыў у XVII стагоддзі пісьменнік, філосаф і асветнік Сымон Будны.
У наш час у Лоск цягнуцца шматлікія наведвальнікі з усіх куткоў Беларусі, ды і з-за межаў краіны часцяком прыязджаюць. Прычым гэтыя турысты паняцця не маюць аб друкарні і зусім не цікавяцца жыццём Сымона Буднага. Што ж прыцягвае іх у невялікай, самай звычайнай вёсцы? Уся справа ў тым, што ў Лоску знаходзіцца купель святога Панцеляймона-лекара. І розныя хворыя і тыя, што пакутавалі цягнуцца да гаючай вады. Перад уваходам у памяшканне, дзе знаходзіцца купель, вісіць шыльда, у ёй паведамляецца, што ў крыніцы знаходзяцца: часціца ад гары Галгофы, часціца ад труны Багародзіцы, , часціца ад труны Іосіфа, часціца ад гары Фавор, часціца ад каменя З'явы Найсвяцейшай Багародзіцы ў Жыровічах, камень з пячоры Іллі Прарока, зямля з месца пахавання віфліемскіх немаўлятаў. Так што крыніца ў Лоску прапануе не толькі лячэнне фізічных хвароб, але і душэўных Захворванняў і слабасцяў.
Наступны прыпынак нашага падарожжа аграгарадок Вішнева Валожынскага раёна. Гледзячы вішнеўскія краявіды, пачынаеш разумець аўтарку неўміручых радкоў: "Люблю мой край, старонку гэту,/ Дзе я радзілася, расла..." - паэтку Канстанцыю Буйло, якая напісала гэты і іншыя вершы, што ўвайшлі ў яе зборнік "Курганная кветка", паміж 1906 і 1913
гадамі тут, у Вішнева. Дарэча, аздабляў "Курганную кветку" малады Язэп Драздовіч, а рэдагаваў сам Янка Купала.
У далёкім ад нас 1414 годзе гэты куточак нашай Радзімы асвяціла сваім з'яўленьнем сама Прачыстая Дзева Марыя, Маці Божая.
Набожны чалавек падчас малітвы ўбачыў Прасвятую Дзеву над квітнеючым вішнёвым дрэвам і атрымаў ад яе загад: няхай будзе ўзведзеная на мейсцы гэтым хрысціянская святыня, бо мейсца гэтае - святое. На доказ яе словаў з-пад дрэва забіла крынічка з гаючай вадою, ад якой многія набожныя людзі атрымалі цудоўныя ацаленьні. Згодна з паданьнем, нават вялікія князі Літоўскія лічылі сваім абавязкам напіцца святое ваддзіцы з вішнеўскай крынічкі. А ўжо ў нашы дні, у 2009 годзе, занядбаная за савецкім часам крыніца была адноўленая і асвячоная пры ўдзеле каталіцкіх і праваслаўных святароў. Дарэчы, вада ў ёй сапраўды чысцюткая і вельмі прыемная на смак, добра спатольвае смагу.
Вяртаючыся дамоў мы не маглі не завітаць у самы містычны замак Беларусі – Гальшанскі. Поўныя ўражанняў. натхнення і з поўнымі бутэлькамі цалебнай і гаючай вады мы вярнуліся ў Крэва. Ну што зацікавілі мы Вас сваёй вандроўкай? Тады хутчэй у дарогу.