Па старонках роднай мовы
07.12.2023Па старонках роднай мовы
Каб мова родная гучала
Адным з галоўных дасягненняў у перыяд дашкольнага дзяцінства з’яўляецца авалоданне роднай мовай. Першыя маўленчыя навыкі дзіця атрымлівае ў сям’і. Грамадскае дашкольнае выхаванне, з’яўляючыся першым звяном агульнай адукацыйнай сістэмы, закладвае асновы моўнай культуры асобы.
Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю мову і іншыя мовы. Трэба ведаць казкі свае і казкі іншых народаў. Трэба ведаць танцы свае і танцы іншых народаў.
Але безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць усё роднае. Нам з вамі трэба ведаць найлепш усё беларускае.
І ў першую чаргу кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць свае народныя песні, танцаваць свае народныя танцы. Кожны чалавек павінен ведаць прыказкі свайго народа. Кожны чалавек павінен ведаць, як святкавалі спрадвеку святы ў нашым краі.
А як нам лепш вывучыць беларускую мову? Трэба слухаць і гаварыць з тымі, хто ведае яе. Трэба слухаць радыёперадачы і глядзець тэлеперадачы на беларускай мове. А таксама вучыць размаўляць і сваіх дзяцей на роднай мове. Трэба чытаць ім казкі і вершы на беларускай мове. Трэба глядзець з імі разам беларускую калыханку.
Мы павінны вучыць сваіх дзяцей разумець і любіць сваю родную мову!
Заклікаем дзетак і бацькоў размаўляць
па-беларуску!
Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру.
Паважаныя бацькі, дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.
Паважаныя бацькі!
Прапануем Вам беларускія сайты, якія дапамогуць далучыць дзяцей да багацця роднай мовы, сфарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе.
"Вясёлка" - часопiс для дзяцей i iх бацькоў
"Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў
http://www.veselka.by/?page_id=4543
Народныя казкі для дзетак ад ЮНІСЕФ
Праект «Народныя казкі для дзетак» — iнiцыятыва ЮНIСЕФ у Беларусі. Там вы знойдзеце многа цудоўных казак и гульняў для вашых дзетак на беларускай мове.
Вершы.ru - нацыянальны паэтычны партал, на якiм вы знойдзеце вершы для дзяцей на беларускай мове.
http://www.vershy.ru/category/vershy-dlya-dzyatsei
Казкi беларускiя
Калыханкi
А ты, каток шэры
А ты, каток шэры,
Ў цябе хвосцік белы.
Прыйдзі, каток, начаваць
I дзіцятка калыхаць.
А ты, коцінька-каток
А ты, коцінька-каток,
Ў цябе шэранькі хвасток.
Ты прыходзь к нам начаваць,
Будзеш Янку калыхаць,
А я шэраму катку
За работу заплачу —
Дам гарлачык малака
I кавалак пірага.
Апсік, апсік, каточак
Апсік, апсік, каточак,
Не хадзі ты ў садочак,
I не тапчы кветачак,
I не будзі дзетачак.
Няхай кветачкі цвітуць,
Няхай дзетачкі заснуць.
Люлі, люлі, дзеткі, спяць,
А я буду калыхаць.
Баю, баіньку, баю
Баю, баіньку, баю.
Не лажыся на краю.
Не лажыся на краёк,
Прыйдзе шэранькі ваўчок.
Цябе схопіць за бачок.
Забаўлянкi
Гушкі, гушкі, гушкі
Гушкі, гушкі, гушкі,
Прыляцелі птушкі,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Боты паскідалі,
Кругом паляталі.
Сталі сакатаці.
Чаго птушкам даці?
Прынясу ім жыта,
Будуць птушкі сыты.
Пасыплю гароху —
Хай ядуць патроху.
Ды насыплю грэчкі —
Хай нясуць яечкі.
Кукарэку, певунок
Кукарэку, певунок,
Залаценькі чубок,
Пад паветачку пайшоў,
Курку-рабку там знайшоў.
Пачаў курку пытаць,
Ці ўмее чытаць.
— Не чытаю, не пішу,
Толькі яйкі нясу.
Што дзень дзецям нашу
Аж па цэламу кашу.
Кую, кую ножку
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая,
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі
Да майго дзядулі.
Скоранька паеду,
Каб паспець к абеду.
Ладу, ладу, ладкі
— Ладу, ладу, ладкі
Дзе былі?
— У бабкі.
— А што елі?
— Кашку.
— А што пілі?
— Малачко.
Бабулька казала,
Як нас частавала:
— Прыходзьце часцей, Пачастую смачней:
Дам вам сыраквашкі,
Бярозавай кашкі.
Люлі-люлі-люлі
Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі сакатаці —
Што курачкам даці?
Ці ячменю жменьку?
Ці гарошку трошку?
Ці жыта карыта?
Ці бобу каробу?
Трэба даць ім грэчкі,
Каб неслі яечкі.
Сонейка-сонца
Сонейка-сонца,
Выгляні ў аконца,
Пасвяці нам трошку,
Дам табе гарошку.
У куце сядзіць мядзведзь
У куце сядзіць мядзведзь,
Хустку вышывае,
А лісічка-невялічка
Хатку прыбірае.
А каток пячэ аладкі,
Масла падлівае.
Мышанятка жвава, гладка
Катку памагае.
Вершы
Адмарозіў лапкі
Коцік басаногі
Па сняжку гуляў,
Адмарозіў лапкі
I заплакаў: — Мяў...
Што за дзіва гэта?
Трэба бегчы ў дом:
Снег такі халодны,
А пячэ агнём...
Іван Муравейка
Адуванчык
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Кучаравы маладзец.
Стаў ён
Пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Дзьмухнуў вецер —
Адуванчык
Стаў нібыта
Абарванчык.
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Як падстрыжаны хлапец,
Бо на макаўцы
Ў былінкі
Аніводнай
Валасінкі.
Авяр’ян Дзеружынскі
Бусел
Даўганогі землямер
Схапіў жабу за каўнер,
Па траве павалачыў,
У канаве намачыў,
Вострым носам дзеўбануў,
Уздыхнуў і — праглынуў.
Васіль Вітка
Ветлівыя словы
«Калі ласка», «дзякуй», «добры дзень» —
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.
Ветлівымі словамі
Трэба даражыць,
З ветлівымі словамі
Лёгка жыць.
Тадзіяна Кляшторная
Вожык
Бяжыць вожык —Тупу-туп!
Сам калючы,
Востры зуб.
— Вожык, вожык,Ты куды?
Ад якой бяжыш
Бяды?
Вожык лапкамі
Туп-туп!
Вожык вочкамі
Луп-луп!
Навакол
Пануе ціш.
Чуе вожык —
У лісці мыш.
Ён да лісця
Тапу-тап!
I лапкаю мышку —
Цап!
Алег Лойка