РУС БЕЛ ENG

Музей

Музей

14.09.2022

   

           НАРОДНЫ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

                                              " КРЭЎСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА"

                        

Оцифровка

 

Народны гісторыка-краязнаўчы музей

  У студзені 2008 года ў жыцці школы адбылася знамянальная падзея. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, гісторыка-краязнаўчаму музею школы нададзены статус “народны”. Гэтай важнай падзеі ў жыцці школы папярэднічала доўгая і напружаная праца педагагічнага калектыву, вучняў школы па збору матэрыялаў, экспанатаў, афармленню экспазіцый музея.

          Гісторыя музея бярэ свой пачатак ў далёкім 1968 годзе. Музей быў створаны настаўніцай гісторыі Несцяронак Н.І.. Новыя ідэі, задумкі ў жыццё музея ўнёс В.М. Скварцоў, які з 1971 года з’яўляўся загадчыкам музея. Амаль поўнасцю музей памяняў сваё аблічча ў 1998 годзе калі загадчыкам музея стаў А.М. Камінскі.

          На працягу ўсёй свёй дзейнасці галоўнымі задачамі музея былі: патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення; забеспячэнне захаванасці каштоўнасцей гісторыі, культуры, прыроды; пашырэнне ведаў пра значныя падзеі мінуўшчыны і сучаснасці.

          З 1998 года на базе музея функцыянаваў гурток “Нальшаны ”, з 2008 года працуе гурток “Музеезнаўства”. Асноўнымі накірункамі дзейнасці музея і гуртка з’яўляюцца пошукова-даследчая работа, папулярызацыя краязнаўства і турызму. Гурткоўцамі сабраны і сістэматызаваны матэрыялы пра старажытны перыяд гісторыі Крэва, пра жыццё мястэчка ў ХІХ – першай палове ХХ ст., пра І і ІІ сусветныя войны. Праведзены даследванні “Кірмашы ў Крэве”, “Асаблівасці крэўскага ганчарства”, “Гісторыя школы”, “Вуліцы роднага мястэчка”, “Крэўскія легенды”, “Нядаўняя гісторыя. Даты ў храналогію”, “Крэва. Храналагічны даведнік” і іншыя. Да 150-годдзя крэўскай Свята-Аляксандра-Неўскай царквы падрыхтавана праца “Аб чым расказваюць званы”, якая была апублікавана ў верасні 2004 года ў раённай газеце “Светлы шлях”. Сіламі гурткоўцаў абноўлена экспазіцыя музея, сабрана вялікая колькасць новых музейных экспанатаў, падрыхтаваны тэксты аглядных і тэматычных экскурсій, вядзецца музейная дакументацыя. Штогод гісторыка-краязнаўчы музей Крэўскай школы прымае больш за тысячу наведвальнікаў (2003 г. – 1041 чал., 2004 г. – 1017 чал., 2005 г. – 1024 чал., 2006 г – 1032 чал, 2007 г – 1008 чал). Яго гасцямі былі жыхары розных куткоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Сярод іх – паэты Ніл Гілевіч, Віктар Шніп, Данута Бічэль, Уладзімір Някляеў, пісьменнікі Юрый Татарынаў, Анатоль Бутэвіч, мастакі Рыгор Мяжуеў, Павел Татарнікаў, Кастусь Хацяноўскі. Свае водгукі аб працы музея і гуртка яны пакінулі на старонках “Памятнай кнігі”.

          У 2008 годзе ў музеі працавалі здымачныя групы праграмы “Запіскі дылетанта” тэлеканала “Лад” і праграмы “Палустанак” тэлеканала “ОНТ” З запісаў у “Памятнай кнізе” “Вельмі ўражаны музеем. Ён вельмі самавіты, цікавыя экспанаты і, што галоўнае, яны мясцовыя, сапраўдныя. Таму музей у поўнай ступені адпавядае свайму прызначэнню – ён на самай справе краязнаўчы. А краязнаўцам з Крэва можна па добраму пазайздросціць – гэтыя мясціны з цікавейшай, нават дзяржаўнай гісторыяй. Аказваецца музей створаны людзьмі, якія па сапраўднаму цікавяцца сваёй гісторыяй і добра яе ведаюць” З павагай Уладзімір Багданаў.

          05.11.2005г На сённяшні дзень у фондах музея налічваецца 633 музейныя прадметы асноўнага фонду і 254 – навукова-дапаможнага. Сярод найбольш каштоўных – мэблевы гарнітур з разьбой канца ХІХ ст., план зямлі мястэчка Крэва за 1869 год, саматканыя ручнікі пачатку ХХ ст., касцельная дакументацыя даваеннага перыяду, калекцыі нумізматыкі, ганчарных вырабаў, друкаваных выданняў.

Экспазіцыя музея складаецца з наступных раздзелаў:

1. “Ля самых вытокаў” (Першыя звесткі пра Крэва);

2. “Сведка славы і трагедый” (Гісторыя Крэўскага замка);

3. “Таямніцы Крэўскага замка” (Крэва ў складзе Вялікага княства Літоўскага);

4. “Саюз Арла і Пагоні”(Крэва ў складзе Рэчы Паспалітай;)

5. “Тут сышліся народы” (Нацыянальны склад насельніцтва Крэва ў розныя часы і рэлігійнае жыццё);

6. “Пад царскай каронай” (Крэва ў складзе Расійскай імперыі);

7. “У віхурах першай сусветнай” (Крэва ў час першай сусветнай вайны); (у 2007 годзе раздзел папоўніяўся ўнікальнымі фотаздымкамі, зробленымі нямецкімі салдатамі, якія размяшчаліся ў Крэва пад час Першай сусветнай вайны)

8. “Пасля Рыжскага міру” (Жыццё мястэчка ў міжваенны перыяд);

9. “Час вялікіх трывог” (Крэва ў час ІІ сусветнай вайны);

10. “Між мінулым і будучым” (Пасляваенны перыяд і нашы дні);

11. “Іх шляхі прайшлі праз Крэва” (Славутыя землякі, даследчыкі крэўскай мінуўшчыны);

12. “Школа. Старонкі гісторыі”;

13. Этнаграфічны раздзел.

           Экспазіцыя створана на падставе музейных прадметаў з уласных фондаў. Найбольшую цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць старажытныя гаспадарчыя рэчы, прылады працы і інш. Праведзеная даследчая работа і сабраны матэрыял шырока выкарыстоўваецца для патрыятычнага выхавання і папулярызацыі краязнаўчых ведаў. Праводзяцца экскурсіі, выставы, лекцыі. Гурткоўцы рыхтуюць рэфераты і даклады, арганізоўваюць конкурсы і віктарыны. Матэрыялы музея выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Нашы матэрыялы публікаваліся ў часопісах “Беларускі гістарычны часопіс”, “Куфэрак Віленшчыны”, газетах “Светлы шлях”, “Новая газета Смаргоні”, “Рэгіянальная газета”. Звесткі, сабраныя ўдзельнікамі гуртка, выкарыстаны пры напісанні кнігі “Пад хвалямі Крэўскага мора” (аўтар А. Камінскі), у кнізе “Памяць. Смаргонскі раён”, размешчаны на афіцыйным сайце WWW.KREVO.BY.

          Умеюць гурткоўцы і адпачываць, спалучаючы пры гэтым прыемнае з карысным. Штогод яны вандруюць па славутых мясцінах Беларусі ў складзе турысцка-краязнаўчага лагера “Берандзей”, які арганізоўваецца пры УА “Смаргонскі РЦТДМ”. Мінск, Гродна, Брэст, Полацк, Навагрудак, Нарач, Нясвіж, Мір – вось далёка няпоўны пералік мясцін, дзе пакінулі свой след “берандзееўцы”. Вядома ж, не застаецца па-за ўвагай і родная Смаргоншчына. Наш гурток з’яўляецца адным з арганізатараў турысцка-краязнаўчага свята, якое праводзіцца амаль штогод у Крэўскім замку.

           Шмат разоў удзельнічалі гурткоўцы і ў розных спаборніцтвах, паказваючы пры гэтым добрыя вынікі. Самае першае значнае наша дасягненне – перамога ў рэспубліканскай віктарыне “Спадчына”.Мы ганарымся перамогамі ў абласным краязнаўчым конкурсе “Мой родны кут”, які праводзіўся ў Гродне ў 2003 годзе, ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Наш край”у 2004 годзе,у рэспубліканскім конкурсе “Наш край” у намінацыі “Рэгіянальны акропаль” У 2007 годзе гурткоўцы занялі другое месца ў раённым этапе абласнога конкурса “Галасы гісторыі”

          Пра дзейнасць гісторыка-краязнаўчага гуртка і музея Крэўскай школы можна прачытаць не толькі ў мясцовай прэсе, але і на старонках цэнтральных рэспубліканскіх газет. Перэспектывы развіцця музея – працяг навукова – даследчай працы, збор матэрыялаў па гісторыі Крэўскага лясніцтва, мясцовага калгаса, збор новых экспанатаў, фальклорная экспедыцыя, пашырэнне плошчы музея, арганізацыя тэматычнай выставы: “Крэва ў першай сусветнай вайне.”

      Дзверы нашага музея заўжды гасцінна адчынены для наведвальнікаў. Нашы кантактныя тэлефоны: 90-1-20, 93-5-44 Загадчык музея: Міхаіл Анатольевіч Міхалькевіч.                            

 

 

свернуть
1 сентября, пятница

Республиканская акции « Идем в музей».

подробнее...

План правядзення тыдня “Музей і дзеці” з 11.03.2023 па 17.03. 2023г у ДУА “Крэўская сярэдняя школа”

подробнее...